Студэнцкі асяродак Эўропы працягвае бурліць: распачатыя захопам унівэрсытэцкіх будынкаў у
Вене, пратэсты хутка перакінуліся ў
Нямеччыну,
Швэйцарыю, былі падтрыманыя італьянскімі актывістамі. Свой пратэстны рух аўстрыйскія студэнты назвалі «
Унівэрсытэт гарыць!» Пратэстуючыя дамагаюцца зьменаў у фінансавай палітыцы ўнівэрсытэтаў і Балоньскай сыстэме.
Рыга, Латвія
1 сьнежня, Рыга
1 сьнежня некалькі тысяч студэнтаў сабраліся ў Рызе ля будынку кабінэту міністраў
Латвіі. Яны пратэставалі супраць павелічэньня кошту навучаньня, плянаў аб’яднаньня некалькіх факультэтаў у адзін і закрыцьця латвійскіх унівэрсытэтаў. Студэнты ўсталявалі шыбеніцу з пудзілам, куды прымацавалі плякат з надпісам «павешаная адукацыя», перадае
rus.DELFI.lv.
Каліфорнія, ЗША
Фота AP
Чатыры дзесяткі студэнтаў і некалькі выкладчыкаў захапілі адзін з будынкаў
Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў знак пратэсту супраць рашэньня апякунскай рады ўзьняць кошты на адукацыю. Захопы будынкаў і мітынгі супраць падвышэньня коштаў на адукацыю пракаціліся і па іншых шматлікіх аддзяленьнях Каліфарнійскага ўнівэрсытэту.
«Уся справа ў адміністрацыі ўнівэра, якая, на іх думку, разьмяркоўвае грошы не адпаведным чынам», - распавядае беларуская студэнта Ганна Фраліхіна, якая брала ўдзел у акцыях.
Прага, Чэхія
17 лістапада, Прага
У Дзень студэнта, 17 лістапада тысячы студэнтаў выйшлі на вуліцы
Прагі. Як адзначае Воля Кузьміч, якая
назірала за падзеямі на Вацлаўскім пляцы і ў Тунэлі свабоды, студэнты ня толькі імкнуліся адзначыць 20-годзьдзе пачатку падзеньня камунізму ў Чэхіі, але й выразіць пратэст супраць уладаў цяперашніх.
Вена, Аўстрыя
22 лістапада, Вена
У чацьвер, 20 кастрычніка, адбылося нешта нечаканае. Пасьля
прэс-канфэрэнцыі студэнты Акадэміі выяўленчых мастацтваў у
Вене захапілі галоўную залю ВНУ. Такім чынам яны выразілі пратэст супраць плянаў рэктарату па пераводзе факультэтаў Акадэміі на сыстэму
бакаляўр-магістар, што прадугледжвае Балоньская сыстэма.
Праз два дні пратэстуючых падтрымалі студэнты
Венскага ўнівэрсытэту, а за імі далучыліся іншыя ўнівэры краіны. Хутка захопленай апынулася галоўная заля Венскага ўнівэрсытэту. Галоўныя патрабаваньні — эканамічныя, але і на хібы згортваемай, на думку студэнтаў, унівэрсытэцкай дэмакратыі ў Аўстрыі пратэстуючыя не забыліся.
Нямеччына
17 лістапада, Бэрлін
У 20 гарадах Германіі прайшлі студэнцкія пратэсты, перадае
Deutsche Welle. У Бэрліне, Мюнхэне, Гэйдэльбэргу студэнты занялі лекцыйныя залі сваіх
альма-матэр, каб прыцягнуць увагу уладаў і грамадзкасьці да праблем адукацыі ў краіне. Усё пачалося з падтрымкі венскіх ініцыятываў, пасьля пратэстуючыя ўзяліся за раскрутку ўласных патрабаваньняў: зьніжэньня кошту адукацыі і адначасова — паляпшэньне фінансавай падтрымкі ўнівэрсытэтаў.
Фота The Local
Пакуль студэнты бунтуюць толькі супраць уласнага навучальнага працэсу. Але ў гэтых, найбуйнейшых за апошнія гады, хваляваньнях кропка яшчэ не пастаўленая.